Тэма 7. ДЫЯЛОГ. АГУЛЬНЫЯ ПРАВІЛЫ ВЯДЗЕННЯ ДЫЯЛОГУ

 

Дыялагічнае маўленне – (ад грэч. Διάλογος ‘гутарка, размова дваіх’) – форма (тып) маўлення, якая складаецца з абмену выказваннямі-рэплікамі, на моўны склад якіх уплывае непасрэднае ўспрыманне, што актывізуе ролю адрасата ў маўленчай дзейнасці адрасанта. Для дыялагічнага маўлення тыповыя змястоўная (пытанне/адказ, дапаўненне/тлумачэнне, згода/пярэчанне, формулы маўленчага этыкету і інш.) і канструктыўная сувязь рэплік (пераважна суседніх: “Дзе ты быў?” – “На працы затрымаўся”. Дыялагічнае маўленне – першасная, натуральная форма моўных зносін [24, с. 110].

Дыялагічнае маўленне складаецца з абмену выказваннямі, на яго кампазіцыю, змест і моўны склад уплывае непасрэднае, часцей за ўсё неадкладнае ўспрыманне. Удзельнікі дыялогу значна ўздзейнічаюць адзін на аднаго.

Як правіла, рэплікі ў дыялогу не валодаюць самастойнасцю, закончанасцю, іншымі прыметамі маналогу. Сітуацыі дыялогаў адрозніваюцца натуральнасцю, маўленне пераважна сітуатыўнае, шмат у чым спантаннае.

Увесь дыялог або яго часткі могуць расцэньвацца як адзіны акт маўлення, цэлы тэкст. Ён малазразумелы ў асобных рэпліках, можа быць адэкватна зразумелы толькі цалкам або як мінімум у складзе пары рэплік. Структура дыялогу – абмен рэплікамі.

Тыпы рэплік, якія групуюцца парамі:

а) пытанне – адказ;

б) дадатак да першай рэплікі або тлумачэнне;

в) згода або пярэчанне;

г) формы маўленчага этыкету, напрыклад прывітанне і водгук.

Кожная рэпліка можа разглядацца як прыступка да працягу дыялогу і ўмова яго працягу.

Можна меркаваць, што дыялог быў першаснай формай маўлення.

У дыялогу выразна прасочваюцца рухаючыя сілы маўленчых актаў – матывы, мэты, паралінгвістычныя сродкі.

Моўны склад рэплік накіраваны на ўспрыманне і актывізацыю другога ўдзельніка дыялогу: у дыялогу прыкметныя элементы гутарковага стылю, эліптычныя канструкцыі, звароты, воклічы і пытанні, у вусным дыялогу – багатая палітра інтанацый. Акрамя таго, заўважаецца прыкметная эканомія моўных сродкаў.

Паколькі дыялагічнае маўленне рэдка бывае падрыхтаваным і адкарэктаваным, у ім высокая верагоднасць няўдалага выбару слоў і нават памылак, парушэнняў літаратурнай нормы.

У залежнасці ад зместу рэплік, ад пазіцый яго удзельнікаў дыялог можа разгортвацца лінейна, з нячастымі адгалінаваннямі.

Дыялог схільны да экспрэсіі: эмоцыі ў ім адыгрываюць значную ролю. Выкарыстоўваюцца паўторы, выклічнікі, часціцы, лексіка гутарковага стылю і інш. Экспрэсіўнасць дыялогу, яго выяўленчыя магчымасці шырока выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры.

У пісьмовай мове пераважае маналагічнае маўленне, у вуснай
(у побыце, у непасрэдных зносінах) – дыялагічнае. У літаратуры дыялогі выкарыстоўваюцца ў наступных сітуацыях: у аповедзе яны прадстаўляюць сцэны зносін; размовы персанажаў часам займаюць большую частку тэксту апавядання, рамана. Драматычныя творы – камедыя, трагедыя, драма, вадэвіль, сцэнар (апошні – часткова) пабудаваныя ў форме дыялогу, прызначанага для сцэнічнага ўвасаблення. У драматычных жанрах выкарыстоўваецца своеасаблівы аўтарскі каментар – рэмаркі: яны абазначаюць, да каго звернутая гаворка, яе інтанацыі і інш.

Вядомы дыялог як жанр філасофскіх трактатаў (напрыклад, дыялогі Платона “Федр”, “Горгій” і інш.). Вядомы эпісталярны жанр, раманы ў лістах “Пакуты маладога Вертэра” І. В. Гётэ, а таксама сапраўдная перапіска, якая выдаецца ў выглядзе асобных кніг або заключных тамоў у зборах твораў пісьменнікаў. Прыклад – лісты І. Я. Рэпіна.

Дыялог прыцягваў увагу многіх даследчыкаў: Л. П. Якубінскага, А. А. Лапцевай, Т. Р. Вінакур. Аналізаваліся такія праблемы, як сінтаксіс гутарковай мовы, дыялог у масавай камунікацыі, ролі камунікантаў, структураванне дыялогаў.

У тэорыі дыялогу вылучаецца адзін з яго відаў, так званае дыскусійнае маўленне. Гэта дыялог (або палілог), у якім сутыкаюцца розныя, часам рэзка супрацьлеглыя пазіцыі: абмеркаванне, спрэчка, палеміка, дыскусія, дыспут, судовае разбіральніцтва. Дыскусійная гаворка адрозніваецца высокім напалам, глыбокай перакананасцю бакоў, якія спрачаюцца, у сваёй абсалютнай праваце і ў неправаце саперніка.

Рысы дыскусійнага дыялогу і патрабаванні да яго: наяўнасць сапраўды важкай праблемы, актуальнай, годнай абмеркавання, здольнай узбуджаць і прыцягваць цікавасць многіх; наяўнасць двух (як правіла) палюсоў, шматлікіх меркаванняў, якія ўзнікаюць па абмяркоўваемай праблеме, да якіх імкнуцца розныя пазіцыі ўдзельнікаў дыскусіі; кампетэнтнасць удзельнікаў дыскусіі, бо дылетанцкі ўзровень не можа прывесці да ісціны. Дыскусія – найбольш арганізаваны, рэгуляваны правіламі від спрэчкі, як правіла дакументуемы.

Палеміка – гэта таксама публічная, арганізаваная спрэчка; тэрмін мае адценне працэсуальнасці (узаемныя выпады). Дыспут таксама сінонім дыскусіі, у асноўным ужываецца ў сітуацыях навукі; у сярэднія вякі – адна з формаў або адзін з метадаў вучэбнай дзейнасці.

У сучаснай практыцы дыскусійныя формы маўлення выкарыстоўваюцца ў абмеркаванні праектаў, прадстаўленых на конкурс, у ацэнцы новых твораў мастацтва, кніг, канцэпцый. Дыскусійны метад прымяняецца ў сучасным развіццёвым навучанні як сродак развіцця актыўнасці навучэнцаў.

Вынікам арганізаваных, строгіх, адпаведных правілам дыскусій з’яўляюцца палітычныя, сацыяльна значныя рашэнні, нярэдка – у межах закона (Закон Рэспублікі Беларусь аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі).

Узорам строгай дыскусіі можа служыць працэдура суда, якая рэгламентуецца законам, кодэксам. Судовы працэс будуецца як дыскусія паміж двума бакамі – абвінавачваннем і абаронай. Абодва бакі старанна вывучаюць усе дакументы, доказы вінаватасці і невінаватасці падсуднага. На судзе пракурор як абвінавальны бок вядзе спрэчку з абаронай; на аснове аргументаў бакоў суд (суддзя, прысяжныя засядацелі) выносіць рашэнне, якое асуджае або апраўдвае падсуднага.

Сітуацыі спрэчак і дыскусій запаўняюць жыццё людзей; у гэтым сэнсе неабходная шкала дыскусійнасці, спрэчнасці праблем – ад тых, па якіх спрэчка дробязная і не патрэбная, да тых, ад якіх залежаць гонар, годнасць і само жыццё чалавека. Функцыі адной з формаў маўлення пераходзяць у сферу маральнасці і лёсаў людзей.

Ёсць, нарэшце, і схаваны, унутраны дыялог, і нават спрэчка з самім сабой. Гэта сумненні і ваганні, пакуты сумлення, пра што пісаў М. Забалоцкі: “Душа обязана трудиться // И день и ночь, и день и ночь”. Унутраная спрэчка з самім сабой – гэта і пакуты творчасці, у якіх нараджаецца ісціна сапраўднага мастацтва. Здольнасць унутранай барацьбы ўласцівая кожнаму чалавеку, калі ён асоба, яна ўзвышае яго, служыць станаўленню маральнага ідэалу.

Дыскусійнаму майстэрству можна навучыцца, гэтаму мастацтву вучаць логіка, дыялектыка, рыторыка [26, с. 129].

У школьнай і ўніверсітэцкай практыцы спрэчка ўжываецца як эфектыўны метад замацавання і паглыблення ведаў, развіцця творчага мыслення. Тэмай спрэчкі могуць быць праблемныя пытанні гістарычнай навукі, экалогіі, эканомікі, інавацыйных тэхналогій і г. д., мэты дыскусіі вызначаюцца вядучым. Гэта можа быць прывядзенне ўдзельнікаў спрэчкі да агульнай згоды або выяўленне розных пунктаў гледжання. Задача кіраўніка дыскусіі – даць магчымасць кожнаму з удзельнікаў выказацца па прапанаванай тэме.

Палілог (тэрмін узыходзіць да старажытнагрэчаскай мовы і ўзнік як дадатак да тэрміна “дыялог”) – гэта размова многіх, размова паміж некалькімі асобамі. Устаноўлена, што палілог, як правіла, не распадаецца на некалькі дыялогаў, як лічылі праціўнікі гэтага паняцця. Ён мае ўласныя спецыфічныя прыкметы: не менш за тры удзельнікі, адзіная тэма, сітуатыўная звязанасць, нелінейнасць, якія атрымліваюць у палілогу большае развіццё, чым у дыялогу.

Палілог, як і дыялог, супрацьстаіць маналогу, палілог з дыялогам аб’ядноўвае ў гэтым сэнсе змена моўцаў і слухачоў.

Сітуацыі палілогу – агульная размова за сямейным сталом, за абедам; абмеркаванне будучага працоўнага дня на “аператыўцы” ў начальніка цэха; палілог на ўроку ў класе: вучні дапаўняюць і выпраўляюць адказ вучня, якога выклікалі да дошкі; у тэатры ў антракце групы гледачоў вядуць агульную размову, абмяркоўваюць гульню акцёраў.

У творах мастацкай літаратуры палілог нярэдкі ў бытавых сцэнах, узятых з рэальнага жыцця.

У палілогу прыкметна ўзрастае ролевая функцыя кожнага ўдзельніка, у гэтым сэнсе палілог блізкі да тэатра. Змест рэплік у палілогу мае большую амплітуду адхіленняў і ваганняў, чым у дыялогу.

Палілог пакуль мала даследаваны, аднак да яго праяўляюць цікавасць і сацыялінгвістыка, і этналогія, і гісторыя культур, і псіхалінгвістыка [24, с. 381].